БУЛЬБАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,

машына для ўборкі бульбы. Выкопвае бульбу, аддзяляе клубні ад глебы, бацвіння, раслінных рэшткаў, збірае клубні ў бункер-накапляльнік і выгружае іх у трансп. сродкі. На Беларусі выкарыстоўваюцца пераважна розныя мадыфікацыі паўнавясных двухрадковых элеватарных бульбаўборачных камбайнаў, выпускаюцца («Лідсельмаш») аднарадковыя бульбаўборачныя камбайны Л-601 і двухрадковыя Л-605.

Камбайн Л-605 — паўнавясны, агрэгатуецца з трактарамі МТЗ-82, -102, прывод рабочых органаў ад вала адбору магутнасці трактара. З дапамогай лемяша, асн. і дапаможнага элеватараў, камякадавільніка, падоўжнай і папярочнай пальчыкавых горак, сістэмы транспарцёраў камбайн падразае пласт глебы з двух сумежных радкоў, рыхліць і сепарыруе глебу, аддзяляе і скідвае на поле бацвінне і раслінныя рэшткі, раздзяляе клубні і дамешкі. На пераборачных транспарцёрах уручную адбіраюць з патоку клубняў камяні і дамешкі, з патоку дамешкаў — клубні. Дамешкі скідваюцца на поле, клубні — у бункер (ёмістасць 2 т). Рабочая скорасць камбайна да 3,5 км/гадз, прадукцыйнасць 0,18—0,24 га/гадз.

Л.​Я.​Сцяпук, А.​Л.​Рапінчук.

Тэхналагічная схема бульбаўборачнага камбайна Л-605: 1—4, 6—7, 11 — транспарцёры загрузачны, для загрузкі бункера, пераборачны, для выдалення камянёў, пад’ёмны, падоўжны, рэдкапрутковы; 5 — шчоткі; 8 — пальчыкавая горка; 9 — бацвінневыносная пальчыкавая горка; 10 — бацвінневыдаляльны валік; 12 — другі элеватар; 13 — балоны расціральніка камякоў; 14 — першы (асноўны) элеватар; 15 — асноўны лямеш; 16 — бакавы лямеш; 17 — апорна-капіравальны каток.

т. 3, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)